Батанічны сад у Мінску


Other, www.krokapp.comhttps://krokapp.by/media/sound/e36cfd6d-e6b2-4f83-8432-23ce301907af.mp3

Афіцыйная назва Батанічнага сада ў Мінску – Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ён з’яўляецца помнікам прыроды і ландшафтнай архітэктуры. Адзін з найбуйнейшых батанічных садоў Еўропы як па плошчы, так і па складзе калекцый.

Батанічны сад у Мінску быў заснаваны ў 1932 годзе. Першапачаткова ён займаў плошчу ў 90 гектараў, сёння – пашырыўся да 153 гектараў. Возера на тэрыторыі батанічнага сада было створана ў 1960-я гады.

У 1967 годзе саду быў нададзены статус навукова-даследчага інстытута акадэміі навук БССР. На сёння ў Батанічным садзе працуюць выдатныя навукоўцы-біёлагі. Развіваюцца навуковыя школы, наладжана цеснае міжнароднае супрацоўніцтва.

У Батанічным садзе налічваецца каля 10 тысяч відаў раслін з усіх куткоў планеты, у тым ліку 2 тысячы відаў і гатункаў трапічных і субтрапічных раслін. Большасць экзатычных раслін знаходзіцца ў аранжарэях, якія былі адкрытыя ў 2007 годзе і дзякуючы якім Батанічны сад у Мінску адкрыты для наведвальнікаў і зімой. Батанічны сад у Мінску з’яўляецца музеем жывых раслін пад адкрытым небам. Дэндрарый славіцца калекцыяй хвойных дрэваў. Дрэвы і хмызы ў ім размешчаны па геаграфічных сектарах: Паўночная Амерыка, Еўропа, Сярэдняя Азія, Каўказ, Крым, Сібір і Далёкі Усход. Асобна вылучаюцца ўнікальныя калекцыі шматгадовых раслін з Паўднёвай Амерыкі, Каўказа, Аўстраліі, Паміра.

На тэрыторыі Батанічнага сада ў Мінску дзейнічае экспазіцыя “Кветкі свету”. Яна ўключае 300 гатункаў півоняў, 500 – цюльпанаў. У садзе выведзены новыя гатункі геаргін, ліліяў, руж, бэзу, нарцысаў, астраў і іншых кветак.

У Батанічным садзе таксама прадугледжаны спецыяльныя памяшканні для матылёў. Плануецца, што хутка па садзе будуць шпацыраваць прыгожыя фазаны і паўліны.

Скарыстайцеся нашым аўдыягідам па Цэнтральным батанічным садзе: https://cbg.krokam.com/.

 

Дата публікацыі: 04.09.2019.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць