Агульныя звесткі


Other, www.krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

Астравец — горад у Гродзенскай вобласці, цэнтр Астравецкага раёна, які размяшчаецца на берагах ракі Лошы. Назва горада паходзіць ад умацаванага вострава на правым беразе ракі Лошы.

Першая пісьмовая згадка пра Астравец датуецца 1468 годам. Мястэчка згадваецца ў сувязі з наданнем, якое магнаты роду Гаштольдаў зрабілі тутэйшаму каталіцкаму храму. У 1542 годзе, пасля смерці Станіслава Гаштольда, мястэчка перайшло да Вялікага Князя Літоўскага Жыгімонта Старога, які перадаў яго свайму сыну Жыгімонту Аўгусту. У 1546 годзе Жыгімонт Аўгуст падараваў Астравец Гераніму Карыцкаму. З 1600 мястэчка перайшло ў валоданне да Яна Корсака.

Астравец моцна пацярпеў у часы вайны Маскоўскай дзяржавы супраць Рэчы Паспалітай, якая адбылася ў сярэдзіне XVII стагоддзя. Тады быў спустошаны астравецкі кляштар дамініканцаў. У 1777 годзе ў Астраўцы адкрылася публічная школа. А ў 1785 годзе пачалася адбудова новага мураванага касцёла і кляштара дамініканцаў.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Астравец быў далучаны да Расійскай імперыі. На 1886 год у Астраўцы было 22 двары, млын, піларама, цагельня, бровар, майстэрня дрэнажных труб. У 1888 годзе конная чыгунка злучыла мястэчка са станцыяй Слабодка.

Падчас Першай сусветнай вайны, у 1915 годзе, Астравец быў заняты нямецкімі войскамі. 25 сакавіка 1918 года, згодна з Трэцяй устаўнай граматай, Астравец быў абвешчаны часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Паводле Рыжскай мірнай дамовы 1921 года, заключанай паміж Польшчай і Савецкай Расіяй, мястэчка апынулася ў складзе Другой Рэчы Паспалітай.

У 1939 годзе, з пачаткам Другой сусветнай вайны, Астравец быў уключаны ў склад савецкай Беларусі, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам раёна. З чэрвеня 1941 года да 3 ліпеня 1944 года Астравец знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. Пасля вызвалення ўвайшоў у склад Маладзечанскай вобласці. У 1960 годзе горад і раён перайшлі ў склад Гродзенскай вобласці. З 1991 года Астравец – раённы цэнтр незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Дата публікацыі: 28.04.2022.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць