Помнік Іосіфу Гашкевічу


Other, www.krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

Адной са славутасцяў Астраўца з'яўляецца бронзавы бюст Іосіфа Гашкевіча, вядомага ўсходазнацы, які праславіў Астравецкі край у ХІХ стагоддзі. Аўтарам гэтага помніка з'яўляецца вядомы беларускі скульптар Валяр'ян Янушкевіч.

Іосіф Гашкевіч нарадзіўся 4 красавіка 1814 года ў сям'і праваслаўнага святара Антонія Гашкевіча. Ва ўзросце 12 гадоў Іосіф паступіў у Мінскую духоўную семінарыю, пасля працягнуў навучанне ў Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. Закончыўшы духоўную акадэмію ў 1839 годзе, паехаў з духоўнай місіяй у Пекін. Даследаваў культуру Кітая, вывучаў кітайскую, карэйскую і японскую мовы. Адначасова займаўся пытаннямі астраноміі і метэаралогіі, сабраў калекцыю насякомых. У якасці перакладчыка суправаджаў расійскую дыпламатычную місію ў Японію ў 1850-х гадах. Знакаміты беларускі ўсходазнавец вяртаўся з Японіі падчас Крымскай вайны і быў узяты ў палон англічанамі. Спачатку знаходзіўся ў Ганконгу, а потым у Англіі. Пасля заканчэння вайны ў 1856 годзе вярнуўся на радзіму.

У 1858—1865 гадах Іосіф Гашкевіч быў першым расійскім консулам у Японіі. Ён быў адным з першых замежнікаў, якому японскія ўлады дазволілі наведаць унутраную Японію, у тым ліку двор сёгуна (уладара Японіі). У 1867 годзе Іосіф Гашкевіч выйшаў у адстаўку і пераехаў у маёнтак Малі каля Астраўца, дзе працягваў займацца ўсходняй лінгвістыкай. Памёр славуты беларус у 1875 годзе і быў пахаваны на праваслаўных могілках у Астраўцы.

У 1994 годзе ў Астраўцы ў гонар слыннага земляка быў усталяваны бронзавы бюст — пагрудны партрэт Іосіфа Гашкевіча, выкананы вядомым беларускім скульптарам Валяр'янам Янушкевічам.

Дата публікацыі: 28.04.2022.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць