Астравецкі гісторыка-этнаграфічны музей


Other, www.krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

Астравецкі гісторыка-этнаграфічны музей быў заснаваны 25 сакавіка 2009 года. На сёння тут сабрана і апісана больш за 4,5 тысячы музейных прадметаў, якія размеркаваны па 14 калекцыях.

Яшчэ да адкрыцця музея пачаўся актыўны збор экспанатаў для будучай экспазіцыі ў вёсцы Барані, на радзіме Казіміра Сваяка (1890 – 1926) – каталіцкага святара і беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, паэта, драматурга, публіцыста, літаратуразнаўцы. Казімір Сваяк быў сярод тых святароў, якія на пачатку ХХ стагоддзя выкарыстоўвалі беларускую мову ў час набажэнства.

У кастрычніку 2010 года адбылося ўрачыстае адкрыццё экспазіцыі музея “Дом Казіміра Сваяка” ў вёсцы Барані. Большасць сабраных экспанатаў маюць непасрэднае дачыненне да жыцця і дзейнасці святара і яго сям'і. Перавыдадзеныя экзэмпляры кніг “Мая ліра”, “Дзея маёй мыслі…”, копіі дакументаў і фотаздымкаў Казіміра Сваяка, яго сям'і, сяброў. Верхняе адзенне рымска-каталіцкага духавенства (арнат), імшал (малітоўнік), надрукаваны ў Рыме ў 1905 годзе, па якім праводзіўся пахавальны абрад у камайскім касцёле.

На працягу дзесяцігоддзя раённы музей быў прадстаўлены толькі экспазіцыяй у Баранях і фондасховішчам у Астраўцы. За гады існавання музея было сабрана і дакументальна аформлена больш за 4,5 тысячы музейных прадметаў, якія размеркаваны па 14 калекцыях.

У пачатку сакавіка 2021 года ў Астраўцы адбылося ўрачыстае адкрыццё шматфункцыянальнага комплексу сацыяльна-культурнага прызначэння і творчасці моладзі, на першым паверсе якога размясціліся экспазіцыйна-выставачныя плошчы раённага музея. У сценах музея дзейнічаюць зменныя выставы, распрацоўваецца канцэпцыя пастаяннай экспазіцыі астравецкага музея, вядзецца праца па абнаўленні экспазіцыі “Дом Казіміра Сваяка”.

Дата публікацыі: 28.04.2022.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць